БУДАЎНІ́ЧАЯ ФІ́ЗІКА,
сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць фіз. з’явы і працэсы, звязаныя з эксплуатацыяй збудаванняў; галіна прыкладной фізікі. Падзяляецца на будаўнічую кліматалогію, будаўнічую святлатэхніку, будаўнічую цеплатэхніку, буд. акустыку, аэрадынаміку, тэорыю даўгавечнасці буд. канструкцый. Станаўленне будаўнічай фізікі як навукі прыпадае на пач. 20 ст. (раней пытанні будаўнічай фізікі інжынеры і архітэктары вырашалі доследным шляхам). На Беларусі праблемамі будаўнічай фізікі пачалі займацца ў АН Беларусі (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі), БПІ (Э.Х.Адэльскі), іх распрацоўваюць у БПА (М.Т.Салдаткін, В.Дз.Сізоў, Б.М.Хрусталёў, А.І.Юркоў), НДІ буд. матэрыялаў (Г.С.Гарнашэвіч).
Вызначае ўплыў фіз.-кліматычных і фіз.-хім. атмасферных уздзеянняў на буд. канструкцыі, патрабаванні да матэрыялаў і канструкцый для забеспячэння найб. спрыяльных для чалавека тэмпературна-вільготнасных, акустычных і святлотэхн. умоў.
Б.М.Хрусталёў.
т. 3, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)